23.03.2025
Сёння ў Хатыні праходзіць народнае ўскладанне кветак. Кветкі да Вечнага агню і постаці Непакоранага чалавека ўскладаюць асобы, якія займаюць вышэйшыя дзяржаўныя пасады, прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў, працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый і моладзь.
Прадстаўнікі транспартнага комплексу на чале з першым намеснікам міністра транспарту і камунікацый Рыгорам Глазко ўсклалі вянкі і кветкі да Вечнага агню. Хвілінай маўчання ўшанавалі памяць нявінных ахвяр вайны.
У адным страі – кіраўнікі і начальнікі структурных падраздзяленняў ведамства, прадстаўнікі Беларускай чыгункі, арганізацый дарожнай гаспадаркі, авіякампаніі "Белавія", курсанты акадэміі авіяцыі.
У Беларусі аддаюць даніну памяці жыхарам вёскі Хатынь, якая была спалена карнікамі 82 гады таму - 22 сакавіка 1943-га разам з 149 мірнымі жыхарамі. На гэтым месцы створаны мемарыяльны комплекс -сімвал найвялікшай нацыянальнай трагедыі і вечнага смутку. Ён увасобіў у сабе боль, пакуты і жах усіх беларускіх вёсак, сцёртых з твару зямлі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
За час расследавання Генпракуратурай крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа папоўнены спіс сясцёр Хатыні да 288 вёсак. Усяго фашысцкімі захопнікамі знішчана часткова або цалкам звыш 12 тысяч населеных пунктаў на тэрыторыі Беларусі. Аб кожным з іх - журботны набат званоў...