11.09.2024
Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця форуму прынялі ўдзел намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Анатоль Сівак, міністр транспарту і камунікацый Беларусі Аляксей Ляхновіч, Член Калегіі (міністр) па энергетыцы і інфраструктуры ЕЭК Арзыбек Кажашоў, статс-сакратар – намеснік міністра транспарту Расіі Дзмітрый Звераў, намеснік міністра транспарту Казахстана Сатжан Аблаліеў, намеснік міністра транспарту і лічбавага развіцця Азербайджана Джавід Гурбанаў, намеснік міністра транспарту Узбекістана Ілхамджон Абдугафараў.
На адкрыцці Беларускага транспартнага тыдня - 2024 намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Анатоль Сівак заявіў, што развіццё транспартнай галіны накіравана на рост эканамічнага патэнцыялу Беларусі:
"Урадам значная ўвага надаецца пытанням удасканалення прававых асноў транспартна-лагістычнай дзейнасці. У краіне развіваецца лагістычная галіна, будуюцца дарогі, абнаўляецца рухомы састаў. Пашыраецца палігон выкарыстання электратранспарту ў перавозках пасажыраў і грузаў, будуюцца лагістычныя цэнтры".
Па словах Анатоля Сівака, мерапрыемствы міжнароднага форуму "Беларускі транспартны тыдзень" уносяць значны ўклад у развіццё супрацоўніцтва Беларусі з іншымі краінамі.
Віцэ-прэм'ер падкрэсліў важнасць узаемадзеяння з партнёрамі на Еўразійскім кантыненце: "З уступленнем нашай краіны ў Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва гэтае ўзаемадзеянне набыло больш значны імпульс".
У рамках форуму праходзіць спецыялізаваная выстава "Транспарт і лагістыка".
Ключавымі мерапрыемствамі дзелавой праграмы сталі пленарнае пасяджэнне "Транспарт і лагістыка Еўразіі: новыя магчымасці" і пленарнае пасяджэнне 14-й сесіі галіновых саветаў Каардынацыйнай транспартнай нарады дзяржаў - удзельніц Садружнасці незалежных дзяржаў (КТН СНД) з удзелам прадстаўнікоў Еўразійскай эканамічнай камісіі Саюзнай дзяржавы.
"Краінам СНД неабходна рухацца да стварэння адзінага рынку транспартных паслуг", – сказаў міністр транспарту і камунікацый Беларусі Аляксей Ляхновіч на пленарным пасяджэнні КТН СНД.
Аляксей Ляхновіч адзначыў, што стварэнне адзінага рынку транспартных паслуг - найбольш актуальная задача: "З многімі краінамі прыйшлі да разумення ў частцы лібералізацыі сферы міжнародных перавозак і пераходу на бездазвольную сістэму, знайшлі пункты судакранання ў галіне грамадзянскай авіяцыі, іншых відаў транспарту".
"Глабалізацыя сусветнай эканомікі ставіць перад дзяржавамі новыя задачы па развіцці і ўдасканаленні сістэмы ўстойлівага транспарту. Эфектыўна іх вырашаць на аснове існуючых тэхналогій і камунікацый становіцца ўсё больш складана. Вельмі важна, што ёсць такая пляцоўка, як авет КТН СНД, якая за гады функцыянавання стала месцам эфектыўнага ўзаемадзеяння ў сферы транспарту, дзе можна абменьвацца бясцэнным вопытам, абмяркоўваць найбольш актуальныя пытанні транспартнай павесткі і знаходзіць правільныя рашэнні задач, якія стаяць перад транспартнай галіной", – акцэнтаваў увагу міністр.
На пасяджэнні 14-й сесіі галіновых саветаў КТН СНД дзяржаў падпісаны дагавор аб супрацоўніцтве паміж КТН СНД і дзяржаўным прадпрыемствам "БТЛЦ" Беларускай чыгункі.
На пленарным пасяджэнні "Транспарт і лагістыка Еўразіі: новыя магчымасці" Аляксей Ляхновіч заявіў, што сфарміраваны новы транспартна-лагістычны каркас перавозак беларускіх экспартных грузаў. Гэта стала магчымым дзякуючы цеснаму супрацоўніцтву Беларусі з краінамі-партнёрамі - Расіяй, Кітаем, Казахстанам, Іранам, Азербайджанам, Туркменістанам, Узбекістанам.
Ключавыя тэзісы выступу Аляксея Ляхновіча:
Аб'ём вывазу беларускай прадукцыі праз партовую інфраструктуру Расіі за 8 месяцаў 2024 года склаў 110% да аналагічнага перыяду мінулага года. Цяпер для перавалкі задзейнічаны 14 расійскіх партоў.
Беларускія грузы экспартуюцца па чыгунцы больш як у 90 краін свету. У 2024 годзе геаграфія паставак пашырылася за кошт такіх краін, як Сенегал, Перу, Малі, Уругвай, Эфіопія, Гвінея-Бісаў, Бенін, Туніс, Алжыр і інш.
Беларусь працягвае выбудоўванне лагістыкі з задзейнічаннем інфраструктуры МТК Поўнач - Поўдзень.
Ствараюцца неабходныя ўмовы для нарошчвання аб'ёмаў экспартных паставак прадукцыі айчынных прадпрыемстваў кантэйнерамі на рынак Кітая.
У красавіку 2024 года Беларусь далучылася да МТК Расія - Казахстан - Узбекістан - Афганістан - Пакістан.
Наша краіна зацікаўлена ў далейшым развіцці ініцыятывы па стварэнні агульнай транспартнай прасторы ў рамках СНД, ЕАЭС і ШАС.